Цемра, дым — і сцэна патанае ў гуку. Гітарныя дроны і цяжкія рыфы гудуць, нібы рэактыўны рухавік, барабанныя ўдары аддаюцца ў грудзях слухачоў. На сцэне – тры постаці: барабаншчык перад велізарным гонгам, басіст з двухгрыфавай гітарай і гітарыстка, якая маўкліва выводзіць пранізлівыя сола. Гэта гурт Boris – японскае трыё, вядомае тым, што вось ужо тры дзесяцігоддзі разбурае жанравыя межы цяжкой музыкі і застаецца легендай сусветнага андэрграўнду. Гэта гісторыя пра тое, як аўтэнтычная культура афарбавалася заходнім уплывам і сама пачала ўплываць на музыкантаў па ўсім свеце.